У горадзе чалавек рэдка належыць сабе: кватэра, праца, транспарт, соцыум, сам рытм задаюць вельмі жорсткія межы, у якіх ты існуеш з невялікай магчымасцю пашырэння. Мала калі гараджане могуць дазволіць сабе выйсці на двор у тапачках і праз дзесяць крокаў апынуцца ў сваім садзе, лесе ці на рэчцы, пакатацца на матацыкле, схадзіць у лазню з сябрамі, проста на каву да суседзяў ці запрасіць да сябе, паглядзець усёй вёскай футбол, зладзіць дома шумнае застолле, завесці шмат жывёлаў і пачынаць дзень з прагулкі з канём – спіс бясконцы. У горадзе гэта складана, бо не хапае прасторы, часу і шчыльнага сяброўства між людзьмі. Горад бярэ колькасцю, а не якасцю. Загарад – наадварот. Само жыццё ў сваім доме – гэта бясконца цікава! Штодня ёсць праца, якую трэба рабіць: тапіць печы ўзімку, насіць дровы, прыбіраць падворак, даглядаць жывёлаў. Ну і ездзіць на працу чатыры разы на тыдзень. Па шчырасці, такі лад жыцця – найлепшы антыдэпрэсант. На ныццё папросту няма часу.
Я лічу, а дакладней, спадзяюся, што вёска ператворыцца ў будучыні ў лакацыю менавіта тых людзей, якія не бачаць сэнсу ў гонцы за грашыма, квадратнымі метрамі, выгодамі і прэстыжам. Людзей, у якіх іншыя прыярытэты: шанаваць і любіць прыроду, мець асабістую прастору, сапраўдных сяброў, расціць дзяцей на зямлі, працаваць столькі, колькі гэта патрэбна для жыцця, мець больш вольнага часу не на тое, каб спажываць, а на тое, каб спазнаваць і ствараць свой малы сусвет».